"...У мястэчку кожны год збіраліся вялікія кірмашы на Сёмуху і на Кузьму-Дзям'яна. На іх з'язджалася процьма народу: з-пад Чарнігава прывозілі ружовыя пернікі і доўгія мятныя цукеркі з кутасамі, прыязджалі ганчары з-пад Слуцка, невядома адкуль - прайдзісветы з марскімі свінкамі і папугаямі, што выцягвалі "шчасце". На кірмашы сыходзіліся сотні старцоў, сляпых і бязногіх, сівабародых лірнікаў з маленькімі мурзатымі павадырамі, убогія варажбіткі і знахаркі. У іх быў свой жаргон. добра засвоены местачкоўцамі. І мы валодалі ім з маленства. Мы не гаварылі "есці хлеб", а "троіць сумара", не "красці сала", а "клісаць крэса"...
...У нядзелю памост на базарнай плошчы запнулі з усіх бакоў стракатымі посцілкамі і пасточванымі прасцірадламі. Зранку з усіх дарог на гнядых, буланых, сівых у яблыкі стаенніках на базар з'язджалася засцянковая шляхта. Рыпелі колы, панура тупалі загнаныя ў рабоце даўгахвостыя і даўгагрывыя мужыцкія конікі ў вераўчаных аброцях. На вазах вішчалі парасяты, рохкалі ўвязаныя пастронкамі падсвінкі, выцягвалі доўгія шыі, гергеталі гусакі. На рынак везлі жыта і мёд, сушаныя сыры і яйкі, скруткі зрэб'я і трубкі беленага кужалю. Вазы ставілі радамі, выпрагалі коней. падвязавлі высока паднятыя аглоблі. На іх вешалі скруткі лыка, ракітавы кош. кавалак палатна, стракаты андарак, пашыты на продаж. лубяную каробку. тоўстыя кавалкі пажоўклага сала - уся рэклама на аглоблях.
Местачковыя шаўцы чаплялі на руку звязаныя боты, зграбныя жаночыя чаравічкі з доўгімі халяўкамі на гузіках, кавалі насілі вялікія замкі для свірнаў, жалезныя путы, нажы, секачы і востра назубленыя сярпы. Краўцы трэслі бравэркамі, камізэлькамі і картовымі штанамі. Уздоўж крам на зямлі стаялі паліваныя гаршкі, гаршэчкі, гладышкі, глякі, "спарышы" з глінянаю ручкаю, каб насіць на поле ці на касавіцу абед. Дзядзькі пугаўём ляпалі па румяных баках гладышак, прыслухоўваліся да звону, жанкі далікатна стукалі костачкамі пальцаў, прыкладалі вуха да гаршэчкаў і глячкоў.
Уся плошча гула, гаманіла, верашчала, рохкала, звінела паліванымі гаршкамі. Мужчыны чыркалі пасінелымі ад гарту косамі, прыслухоўваючыся да "голасу".
Каля самага рынку за ясеневымі і ліпавымі прысадамі стаяла стромкая драўляная царква. Уздоўж цвінтара да самага ганка сядзелі на зямлі сівабародыя лірнікі, убогія гарбатыя бабулькі, сляпцы і бязногія калекі з мікалаеўскае вайны. Блямкалі званы, у паўзмроку адчыненых царкоўных дзвярэй мільгацелі свечкі, з кліраса даносіліся суладныя галасы пеўчых. На званіцы маўклівага касцёла толькі махалі крыламі і клекаталі буслы... А рынак гудзе, гамоніць, тупае, сустракаюцца сваты і кумы з далёкіх вёсак, маці і дачушкі, што пайшлі замуж у чужыя засценкі і сёлы, распытваюць і расказваюць навіны. Таргуюцца, адзін аднаму збіваюць цану, трымаючыся за крысо, б'юць па руках. калі старгаваліся. Хто купляе - ганіць тавар. хто прадае, аж захлынаецца, хвалячы яго..."